среда, 30 июля 2014 г.

Небяспека “доўгага” рубля. У Петрыкаве прайшоў «круглы стол» па тэме процідзеяння гандлю людзьмі.




Па дадзеных прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ) у Рэспубліцы Беларусь, за апошнія дванаццаць гадоў і сёлетняе паўгоддзе ў нашай краіне гэтай арганізацыяй і яе філіяламі аказана дапамога 2704 ахвярам злачынстваў, звязаных з гандлем людзьмі. Большасць з іх – 1571 — пацярпелі на тэрыторыі Расіі. Лічба дастаткова вялікая, каб біць трывогу і прымаць экстранныя меры. Тым больш што з’ява гэта тоіць у сабе небяспеку айсберга, дзе навідавоку толькі нязначная надводная частка.

Названая лічба – гэта зафіксаваныя факты. Пагадзіцеся, амаль кожны з нас, на жаль, ведае некага з тых, хто паехаў за абяцанымі “лёгкімі грашыма”, а вярнуўся з фінансавымі праблемамі і падарваным здароўем. Ведае і тыя памылкі ў працэсе працаўладкавання, якія дапусцілі гэтыя людзі. Але за дапамогай ні ў органы ўнутраных спраў, ні ў грамад-скія арганізацыі пацярпелыя не звяртаюцца.
Тэма ўмацавання механізму ўзаемадзеяння дзяржаўных структур і грамадскіх арганізацый у сферы процідзеяння гандлю людзьмі была ўзнята на “круглым стале”, ініцыятарам правядзення якога стала абласная арганізацыя таварыства Чырвонага Крыжа. Удзельнікамі сустрэчы сталі прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аддзелаў унутраных спраў, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённага камітэта БРСМ, арганізацый і прадпрыемстваў горада. І хаця многія з прысутных тэарэтычна сутыкнуліся з пазначанай тэмай упершыню, пагутарыць было пра што.

За апошнія два гады, як паведаміў оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Іван Занкевіч, аддзелам унутраных спраў на тэрыторыі раёна не былі зарэгістраваны факты злачынстваў у гэтай сферы. Не зафіксаваны і грама-дзяне, якія сталі ахвярамі рабства ці гандлю людзьмі. Але не варта ківаць на праваахоўнікаў за бяздзейнасць. Маніторынг і пэўныя дзеянні з іх боку праводзяцца рэгулярна і дасканала. Іншая справа, што факты не знаходзяць па-цвярджэння па зразумелых прычынах, ці пацярпелыя не жадаюць станавіцца фігурантамі крымінальных спраў.
У большасці сваёй, як зазначылі прадстаўнікі абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа Юлія Сікорская і Святлана Задаражнюк, прычынай таго, што чалавек становіцца ахвярай такіх злачынстваў, становіцца ён сам. Безадказнасць у паводзінах, прававая недасведчанасць, даверлівасць і рызыка робяць гэтых людзей лёгкай здабычай. Нярэдкія выпадкі, калі чалавек рызыкуе неаднаразова і лічыць сродак здабычы менавіта такіх грошай адзінай магчымасцю палепшыць сваё фінансавае становішча.
Пра некалькі такіх фактаў з жыхарамі раёна расказала старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Людміла Петухова. Ёй даводзілася неаднаразова аказваць дапамогу рэчамі тым, хто звяртаўся ў Чырвоны Крыж пасля вяртання з сумнеўных заробкаў. Але ад прапаноў звярнуцца ў праваахоўныя органы яны адмаўляліся. Напэўна, усведамлялі сваю віну ў тым, што здарылася, або спадзяваліся, што ў наступны раз “лёгкія і вялікія” грошы яны ўсё ж заробяць.
Знаходзіць такіх людзей дапамагаюць сацыяльныя службы і валанцёры. Пры падтрымцы раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа за апошнія некалькі гадоў у чатырох школах раёна былі распрацаваны праекты па процідзеянні гандлю людзьмі. Рабяты не толькі працавалі ўнутры сваёй школы, але і выходзілі з падрыхтаванымі матэрыяламі ў працоўныя калектывы, праводзілі сустрэчы з валанцёрамі з іншых рэгіёнаў вобласці. Людміла Фёдараўна звярталася за дапамогай у гэтым пытанні і да прадстаўнікоў сельскіх Саветаў. Яны на месцах больш шчыльна працуюць з насельніцтвам і маглі б дапамагчы выявіць тых, каму патрэбна не толькі матэрыяльная, але найперш псіхалагічная, сацыяльная і прававая падтрымка. Яе пацярпелыя могуць атрымаць таксама і ў абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа. Тут пастаянна працуе кабінет псіхалагічнай дапамогі. Жадаючыя могуць атрымаць накіраванне на прафесійную перападрыхтоўку ці першае працаўладкаванне. Прадугледжаны і іншыя віды дапамогі: медыцынская, жыллёвая, аднаўленне пашпарта, рэабілітацыя, дапамога членам сям’і.
Галоўнай мэтай праведзенай сустрэчы была выпрацоўка сеткі партнёрскіх арганізацый для процідзеяння гандлю людзьмі. Абласная структура Чырвонага Крыжа згодна з прынятай ініцыятывай прапанавала навучанне прадстаўнікоў арганізацый для вядзення адпаведнай работы на месцах. Гэта дапаможа наладзіць якаснае супрацоўніцтва, пазбегнуць страты працоўных кадраў і, галоўнае, зберагчы жыццё, здароўе і сям’ю.
Алена БРУЦКАЯ
З 2704 пацярпелых ад гандлю, якія атрымалі дапамогу МАМ, большасць складаюць жанчыны – 1700. Калі ў перыяд з 2002 па 2005 гады колькасць жанчын і мужчын складала 684 і 188 адпаведна, то ў мінулым годзе – адна жанчына і 14 мужчын.
Большасць пацярпелых (1065) былі ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў, другі небяспечны ўзрост – старэй 30 гадоў (823 выпадкі). Менавіта тыя, каму за 30, у большасці пацярпелі ў 2013 годзе: з 353 выпадкаў –217. Зафіксаваны 269 злачынстваў у адносінах асоб да 18-гадовага ўзросту.
За апошнія адзінаццаць гадоў органамі ўнутраных спраў рэспублікі былі зарэгістраваны 657 злачынстваў па артыкулах 181 “Гандаль людзьмі” і 187 “Вярбоўка людзей для эксплуатацыі” Крымінальнага кодэксу. Па фактах прастытуцыі былі ўзбуджаны 1614 крымінальных спраў, а за ўцягненне ў прастытуцыю – 575. За гэтыя гады узровень такіх злачынстваў знізіўся амаль на 95%. Органамі ўнутраных спраў за дванаццаць гадоў устаноўлены 5004 пацярпелыя ад гандлю людзьмі. Кожны дзясяты выпадак – з непаўналетнімі (у 99% выпадкаў з дзецьмі – сексуальная эксплуатацыя).
Калі ў 2006 годзе суадносіны сексуальнай эксплуатацыі і прымусовай працы складалі 187 на 229, то ў мінулым годзе гэта прапорцыя склала 30 на 310. Колькасць злачынстваў, што вызначаюцца як сексуальныя здзекі ці ўцягненне ў парнаграфію, прыпадала на 2012 год – 35 выпадкаў. У мінулым годзе іх было зафіксавана толькі 9.
Амаль палова з тых, хто трапіў у зводкі МАМ, пакінулі дома сем’і і дзяцей. У мінулым годзе колькасць менавіта сямейных людзей сярод ахвяр злачынстваў павялічылася ўтрая адносна 2012 года і дасягнула паказчыкаў 2007—2008 гадоў.
Калі вы сталі ахвярай гандлю людзьмі і маеце патрэбу ў дапамозе, звяртайцеся ў раённую арганізацыю Чырвонага Крыжа па тэлефоне 5-18-81.

Комментариев нет:

Отправить комментарий